МІ́НСКІ ЗА́МАК,

старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г. Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст. замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст. Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.Р.Тарасенка, у 1958—61 Э.М.Загарульскі, у 1976 Г.В.Штыхаў, у 1981—82 В.Е.Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.

Літ.:

Гісторыя Мінска. Мн., 1967;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.

Г.В.Штыхаў.

Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца.
Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)